З любоўю ў сэрцы да роднага слова!

22.02.2023

    Натхнення,  радасці, усмешак – такія цёплыя словы чакалі вучняў і настаўнікаў гімназіі № 4 на Дрэве пажаданняў зранку 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Настаўнікі і гімназісты пастараліся, каб гэты дзень атрымаўся цікавым, пазнавальным і пазітыўным. Конкурсы, віктарыны, гульні дапамаглі праверыць сваё валоданне беларускай мовай.     Старшакласнікі правялі акцыю “Сакавітыя словы” і выбралі самыя любімыя сярод гімназістаў. Да гэтага дня вучні рыхтавалі відэазапісы мастацкага чытання вершаў для ўдзелу ў акцыі “Паэтычная мова маёй краіны”. На старонцы гімназіі ў Інстаграм можна прагаласаваць за лепшы ролік. Нават фізкультхвілінкі на ўроках прайшлі па-беларуску. Дзесяцікласнікі развучвалі з дзецьмі  элементы “Лявоніхі”. А сапраўднай кульмінацыяй святочнага дня стала літаратурна-музычная кампазіцыя “З любоўю ў сэрцы да роднага слова”. Мілагучная, ласкавая наша мова, родныя песні і мелодыі ў выкананні гімназістаў, народныя танцы ад узорнага ансамбля “Крынічка” адгукнуліся самымі прыемнымі ўражаннямі ў душы кожнага з прысутных. Хочацца спадзявацца, што жаданне вывучаць і ведаць сваё ніколі не знікне сярод беларусаў.