А вы чыталі свежыя нумары “Ветразя” і “Канкурэнткі”?

08.04.2022

Напрыканцы сакавіка выйшаў у свет чарговы выпуск “Ветразя” (рэдактар Міхайлава Н.У., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія №4 г.Брэста”), кожная рубрыка якога прасякнута вясеннім настроем і цеплынёй.

На старонках газеты асвятляюцца навіны гімназіі: правядзенне адкрытага абласнога конкурсу юных піяністаў “Cantabile”, перамога сям’і Юшчук на конкурсе “Лепшая сям’я Маскоўскага раёна г. Брэста 2022”. Распавядаецца пра наведванне падчас вясенніх канікулаў адзінаццацікласнікамі музея “Сядзіба Нямцэвічаў”, мерапрыемства “Канікулы ў БрДТУ”.

Гартаю “Ветразь” і спыняюся на Старонцы выпускнікоў. Так шчыра пра дружбу, з усёй палкасцю юнацтва… І зноў-такі прыходжу да высновы: у таленавітых педагогаў – таленавітыя вучні. А артыкул пра пасткросінг! Цікава, інфарматыўна, захапляльна!

Старонка “Бессмяротны полк гімназіі” – асобная гісторыя, што вартая глыбокай павагі. Вось праз што патрэбна выхоўваць дзяцей! Праз памяць…

Рубрыка “Спроба пяра” пра мой і ваш родны Брэст:

Хай ляцяць гады, ідуць стагоддзі,

Але Брэсту не бываць старым!

Горад застанецца (дзякуй людзям)

Век сучасным, вечна маладым!

Арлова Кацярына

Вельмі мне даспадобы стыль напісання “Ветразя”, адчуваецца, што ў кожны радочак укладзена душа. Чакаем выхаду свежых нумароў!

Напачатку красавіка выйшаў юбілейны, сорак пяты, выпуск “Канкурэнткі”, рэдактарам якой з’яўляецца Пашкевіч Ірына Андрэеўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 4 г. Брэста”.

Цікава было даведацца, што гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у Міжнародным культурна-гуманітарным праекце “Кінаўрокі ў школах свету”. У артыкуле “Адукацыйны турызм” распавядаецца, як можна спалучыць адпачынак і развіццё, пазнанне і ўражанні. Траецкае прадмесце, Нацыянальны мастацкі музей, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Вялікі тэатр Беларусі і балет “Рамэо і Джульета” - вось такая адукацыйная і развіццёвая прастора. А ўражанні і эмоцыі, я ўпэнена, ад такога дня ў кампаніі з аднакласнікамі і класным кіраўніком застануцца цёплым і яркім успамінам на ўсё жыцце. З цікавасцю чакаем свежых нумароў “Канкурэнткі”!

З павагай да калег і ўдзячнасцю за працу, Раманюта С.І.